НАВАСВЕ́РЖАНСКІ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры рэнесансу ў в. Новы Свержань Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Пабудаваны ў сярэдзіне 16 ст. з цэглы як кальвінскі збор, з 1588 касцёл. Мураваны прамавугольны ў плане 1-вежавы храм са слаба акрэсленым трансептам, масіўнай абарончай вежай над уваходам і невысокай паўкруглай алтарнай апсідай, якая ўнутры мае складаны абрыс. З паўн. боку асн. аб’ёму ў 1-й пал. 17 ст. прыбудавана 3-ярусная квадратная ў плане вежа, накрытая 4-гранным шатром з кароткім шпілем. Ніжняя частка вежы ўмацавана контрфорсамі, верхнія ярусы аздоблены плоскімі арачнымі нішамі, у 2-м ярусе фланкіраванымі аркадай з пілястрамі. У ніжнім ярусе вежы вылучаны прытвор, скляпенне якога апрацавана дэкар. нервюрамі.

У.В.Трацэўскі.

Навасвержанскі Петрапаўлаўскі касцёл.

т. 11, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)